Мой Бабруйск учора, сёння, заўтра

Previous Entry Add to Memories Tell a Friend Next Entry
Што чакае Ганну Яўхімаўну Куксгаўзен, гэтай зімой?
[info]ales_chyhir
Мясцовая ўлада любіць паказальна дэклараваць пра свой клопат аб пажылых людзях. Час ад часу арганізуюцца рознага кшталту мерапрыемствы, на якія запрашаюцца ветэраны працы, чыноўнікі па паперцы распавядаюць ім як дзяржава аб іх клапоціцца і як іх шануюць удзячныя нашчадкі. Але мерапрыемствы сканчаюцца і аб пажылых людзях зноў забываюць. Да чарговай кампаніі або загаду начальства па вертыкалі.



Толькі калі ў рэчаіснасці сустракаешся з цынізмам, так званых “слуг народа”, становіцца неяк жахліва і ўзнікае жаданне крычаць на ўвесь свет аб норавах бабруйскай вертыкалі

Ганна Яўхімаўна Куксгаўзен больш сарака год адпрацавала манцёрам на чыгунцы, пагадзіцеся не жаночая гэтая праца ў любое надвор'е, рамантаваць чыгуначныя шляхі. Сваю працу яна рабіла якасна і сумленна, аб чым сведчаць шматлікія падзякі ў працоўнай кніжцы і медаль "Ветэран працы". Калі былі сілы і здароўе Ганна Яўхімаўна была патрэбна: каб "добрыя" дзядзькі і цёткі якія сядзяць ва ўтульных кабінетах маглі рапартаваць аб выкананні і перавыкананні, налічваць сабе прэміяльныя ды рэгулярна папраўляць сваё, "падарванае" перакладаннем папер, здароўе ў санаторыях.



Сыход на пенсію - гэта змена ладу жыцця, але самае не прыемнае, калі пра цябе забываюць, прасцей кажучы, выкідваюць з грамадства. Як жыць пенсіянеру, як вырашаць свае праблемы, што рабіць, калі прыйшлося сам насам сустрэцца з бядой? Як спакойна дажыць адведзеныя Богам гады, калі на схіле гадоў прыходзіцца сутыкацца з абыякавасцю і бяздушнасцю?

 

Дом нумар два па вуліцы Кляновай, у якім жыве сямідзесяцігадовая Ганна Яўхімаўна, "даў расколіну", спачатку абвалілася страха, затым столь. Жыць у такім доме тое ж самае, што жыць на парахавой бочцы, у любы момант страха можа канчаткова паваліцца. Не сёння заўтра, дом збіраюцца адключыць ад электрычнасці, ды і саму гаспадыню ўжо выкінулі з жыцця. Гарадскія ўлады прапанавалі сямідзесяцігадовай жанчыне альтэрнатыву: альбо месца ў доме састарэлых, альбо прытулак для бяздомных.

 

Беларуская чыгунка не самая бедная арганізацыя, спачатку прапанавала сваёй былой працаўніцы адзін пакой без выгод па Прывакзальным завулку, але калі жанчына пагадзілася службоўцы ад чыгункі хутка забралі свае абяцанні і прапанавалі пражыць старасць у паўразбураным доме ў вёсцы Ясень, які патрабуе больш дарагога рамонту, чым дом у якім і па гэты дзень пражывае Ганна Яхімаўна.

 

Ганна Яхімаўна не патрабуе, нешта звыш натуральнае, ёй трэба адзін пакой, хай нават без выгод, але каб на галаву не падаў снег і не ліў дождж. Тэмпература паветра ў ейным доме каля 10 градусаў. Наперадзе снегапады і маразы, ці дажыве самотная пенсіянерка да вясны- невядома. 

На баку Ганны Яўхімаўны закон, у артыкуле 38 "Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь" зацвержджана наступнае: грамадзяне, якія пражываюць у дамах, пагражальных абвалам, высяляюцца ў адміністрацыйным парадку па пастанове пракурора з прадстаўленнем жылога памяшкання тыпавых спажывецкіх якасцяў.



З пункта погляду закона гарадскія ўлады абавязаныя перасяліць жанчыну ў жылое памяшканне, якое адказвае ўсталяваным для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням і добраўпарадкаванае ў адпаведнасці з умовамі дадзенага населенага пункта. Але як кажуць: "закон, што дышла", а бяздушнасць чыноўнікаў не ведае межаў.








Р.S/ Даю поўны дазвол на распаўсюд гэтага матэрыяла з спасылкай на мяне ці без спасылкі.


Прабач, што пішу тут, але не ведаю твайго нумару тэлефону. Хацеў выказаць словы падтрымкі з нагоды сёньняшняе акцыі і карыстаючыся момантам, папрасіць прабачэньня за непаразуменьні паміж намі, хоць усё роўна па пэўным пытаньням не маю з табой згоды. Таксама, калі будзеце мець патрэбу ў месцы прыпынку ў Кракаве (ці інш. гарадох Польшчы) буду рады спрабаваць дапамагчы. Трымаемся.. :)

Дзякуй! за добрыя словы!


Home